Вёску Іжа (Iža), калі б яна стаяла ў рускай або ва ўкраінскай зямлі, называлі б сяло, паколькі ў Іжы з 1795 г. ёсць царква ў імя Св. Іосіфа. Аднак Іжа – гэта беларуская вёска (аграгарадок (!)) у Вілейскім раёне Мінскай вобласці. У часы Рэчы Паспалітай вёска будавалася на правым беразе Нарачанкі пры маёнтку Іжа, які належаў знакамітаму польскаму роду Кішак (Станіслаў Кішка (Stanisław Kiszka) – гетман літоўскі 1512 г.). Адпаведна і называлася вёска ў тыя часы Іжай Кишчанскай або папросту Кишчанкай.
Па суседстве, дзве вярсты ў бок Любані, была яшчэ адна Іжа – Каралеўская. Як не цяжка здагадацца гэты маёнтак належаў польскай кароне. Пасля расейскай акупацыі і другога падзелу Рэчы Паспалітай маёнтак Іжа Каралеўская скончыў існаванне, а застаўшыяся некалькі дзясяткаў хат сталі часткай Расейскай Імперыі, ператварыўшыся ў вёску Каралеўцы.
Гледзячы на помнікі на могілках у Іжы, я разумею, што прозвішча Касяк, відаць што самае распаўсюджанае ў вёсцы. На жаль з усіх Касякоў, якія пахаваны ў Іжскай зямлі я ведаю толькі дваіх – бабулю і дзядулю. Наўрад ці ўсе астатнія Касякі – гэта проста мае цёзкі. Упэўнены, што ўсе яны ў той ці іншай ступенні – мае сваякі.
Мой дзед Іван Мікалаевіч Касяк і бабуля Вера Вікенцьеўна загінулі ў снежні 1943 года з розніцай у адзін дзень. Бабулю расстралялі 21 снежня за сувязь з партызанамі, у ліку якіх ваяваў дзед. На наступны дзень партызанскі атрад “Іжа” напаў на нямецкі гарнізон, размешчаны ў вёсцы. Але відаць што напад быў няўдалым – загінуў мой дзед і яшчэ некалькі аднавяскоўцаў-партызан. А ўлетку 1944 пачалася аперацыя “Баграціён”, нямецкі гарнізон пакінуў вёску і Іжа была спаленая да шчэнту. Па сведчанні мясцовых жыхароў, якія засталіся ў жывых, падпальвалі хаты не фашысты, а партызаны брыгады Даватара. Людзям далі 24 гадзіны на тое каб вызваліць хаты, а праз 48 гадзін ад вёскі засталіся галавешкі ды коміны …
А вось Зсценкі Іжанскія не спалілі, хоць да іх рукой падаць – менш вярсты. Ацалела хата, пабудаваная маім прадзедам! У засценках было ўсяго з дзясятак двароў і пэўна савецкае камандаванне вырашыла не ўжываць тут “тактыку выпаленай зямлі”, паколькі абарончай каштоўнасці для адыходзячых фашыстаў гэтая вёсачка не ўяўляла. Вось толькі жыць у хаце ўжо не было каму. Майго васьмігадовага бацьку прытуліла цётка з Іллі, а жывых нашчадкаў больш не засталося.
Сама назва вёскі Засценкі непарыўна звязана з прозвішчам Касяк. Таму, што прозвішча, менавіта, паходзіць ад назвы вёскі. Гэта не зусім відавочна, але насамрэч. Справа ў тым, што ў 1557 годзе пры правядзенні аграрнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім зямля была падзеленая на “валокі” (Валачная памера). Межы валок называліся “сцены”, а землю, што засталася за гэтымі сценамі, папросту звалі “засценкі”. Паколькі валокі мералі кавалкамі правільнай прастакутнай формы, то засценкі атрымліваліся адпаведна крывымі і касымі. З часам людзей, якія сяляліся ў засценках і апрацоўвалі гэтыя “кліны” і “касякі” зямлі сталі называць “касякамі”. Такім чынам, мы кажам “засценак”, а маем на ўвазе “касяк”! Калі на пачатку пасяленне ў засценках можна было назваць хутчэй хутарам, то з часам сем’і раслі і падзяляліся, дзецям будавалі новыя дамы побач з бацькоўскімі, і вось ужо адбудаваны дзясятак-другі дамоў і атрымалася цэлая вёсачка Засценкі. Разважаючы такім чынам, лёгка прыйсці да высновы чаму прозвішча Касяк самая распаўсюджанае ў вёсцы Засценкі, – бо па сутнасці ўсе мясцовыя Касякі маюць агульныя генеалагічныя карані!
У вікіпедыі знайшоў згадку, што ў 1622 году Засценкі – гэта сяло ў маёнтку Роскасельскі, што быў у маёнтку Лоск. А ў 1800 годзе гэтае ўжо вёска Засценак ў маёнтку Іжа.
У кліравыя Ведамасці Ижанской Іосіфаўскі Царквы за 1847 год, якая захоўваецца ў Віленскім архіве, пазначана, што “ў засценку Іжанскім памешчыка Любанскага” ўсяго 11 двароў і пражывае сялян: 43 мужчынскага полу і 55 жаночага. Усяго 98 чалавек. Гэта сведчыць што сем’і былі вялікія, і гаспадаркі былі буйныя, і на кожным двары стаяў не адзін дом. Так у майго прадзеда Мікалая Касяк было 82 дзесяціны зямлі і тры сыны: Іван, Язэп і Міхаіл, якія і апрацоўвалі з бацькам гэтую зямлю.
Мой прадзед Мікалай Рыгоравіч Касяк памёр 23 лістапада 1917 года, праз два тыдні пасля прыходу савецкай улады. Падобна не вытрымала сэрца старога рэвалюцыйных узрушэнняў, а можа трапіў ён у бальшавіцкую “мясарубку” – гэта мне пакуль што невядома. Але яго сыны Язэп і Міхаіл падзялілі спадчыну і кожны атрымаў свой надзел у Засценку Іжанскім. Іх брат і мой дзед Іван у той час быў у нямецкім палоне, куды трапіў неўзабаве пасля мабілізацыі на фронт ў 1915-ым. Але гэта, як кажуць, зусім іншая гісторыя, і пра тое як мой дзед Іван Касяк ваяваў у Першую Сусветную я напішу крыху пазней …